Гей-парад, «Дажынкі» ці белы марш — якое свята пасуе «беларусам будучыні»?

Куды плыве беласнежны параход з неверагоднымі людзьмі пад бел-чырвона-белым сцягам? Квір-персона можа доўга ўзірацца ў лінзы бінокля, аднак светлы прычал ўбачыць наўрад ці. Яе пакінулі на беразе.

Беларусь — адносна маладая дзяржава ў пошуках уласнай ідэнтычнасці. Два стагоддзі пад уладай імперыі (Расійскай, потым — Савецкай) бязлітасна размывалі магчымасці людзей вызначаць сябе як грамаду ўнутры геаграфічных межаў (прычым межаў даволі рухомых) без прывязкі да каштоўнасцяў «старэйшага брата». Пратэсты 2020 года ледаколам распячаталі ў тым ліку раку самавызначэння. Калі раней пошукі таго, «хто мы ёсць», ішлі ў падлёдным рэжыме, то цяпер — чэрпай ваду вёдрамі і разглядай на свет, колькі хочаш. Палітыкі, інтэлектуалы ад навукі і культуры, блогеры ды іншыя інфлюэнсеры актыўна за тое ўзяліся. Аднак маленькія ручаі і падводныя плыні, што кормяць гэтую раку, ім па-ранейшаму цікавыя не вельмі. Тое, што было схаваным пяць, пятнаццаць, сорак і сто гадоў таму, рызыкуе такім і застацца.

Прапануем вам рэдактарска-філалагічнае назіранне за словамі, знакамі і сэнсамі, якія напаўняюць медыяпрастору па ўмоўным тэгу #беларускае.

 

Бел-чырвона-белы

 

Бясспрэчны плюс БЧБ-сцяга ў тым, што ён не занадта доўга праіснаваў у статусе дзяржаўнага. Менш за год, у 1918-м, пад ім на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічала Беларуская Народная Рэспубліка; потым БЧБ лунаў над незалежнай Рэспублікай Беларусь з 1991-й па 1995-й. На абодвух адрэзках гэта быў сцяг краіны, якая толькі пачынала фармаваць уласную ідэнтычнасць, вылоўліваючы элементы гэтай ідэнтычнасці з-пад абломкаў імперыі. Першы раз гэтая імперыя называлася Расійскай, другі — імперыяй не звалася, але была. Абодва разы гісторыя буксавала, і абодва разы перамагалі сцягі з большай ступеннню пунсовасці — гэтыя сцягі пасля і набракалі дзяржаўнасцю, сімвалічна ўбіраючы ў сябе ўсю кроў дзяржаўнага гвалту. Паказальна, што чырвона-зялёны сцяг размяшчаецца на аўтазаках і над турмамі.

Бел-чырвона-белы сцяг заўсёды выкарыстоўвала беларуская апазіцыя, але чым даўжэй Лукашэнка знаходзіўся ва ўладзе, тым больш БЧБ рабіўся сцягам супраць чагосьці, а не за нешта. Уявім, напрыклад, бчб-значок на заплечніку студэнткі. Хутчэй за ўсё гэта сігнал пра яе нелюбоў да дзейнай улады, але не больш за тое: нельга з упэўненасцю сказаць, сімпатызуе студэнтка правацэнтрыстам з Беларускага Народнага Фронту, сацыял-дэмакратам з «Грамады», а можа, «Зялёным», ці нікому ўвогуле. Бел-чырвона-белы сцяг пакідаў пэўную прастору для сэнсаў. У 2020 годзе аказалася, што сэнсаў у яго можна ўпісаць бясконцае мноства. Але — не ўсе.

На пратэстах пад бел-чырвона-белымі сцягамі — у традыцыйным выглядзе або інтэрпрэтаванымі — выступалі партыі, грамадскія аб'яднанні, прафесійныя саюзы, камерцыйныя арганізацыі, раённыя і дваровыя кам'юніці. Ішлі пад БЧБ і некаторыя ЛГБТК+ актывіст_кі. Аднак варта было гэтым актывіст_кам сябе пазначыць — разбавіць бел-чырвона-белыя сцягі вясёлкавымі і сфармаваць адмысловую квір-калону, як з'явілася неабходнасць тлумачыцца ў афлайне і анлайн. Дзве дзяўчыны цалуюцца пад бчб-сцягам на фоне міліцэйскага ачаплення — гэты здымак Надзеі Бужан вельмі спадабаўся агенцтву The Associated Press (трапіў у нізку лепшых за 2020 год, адзіны з Беларусі), але не надта зайшоў чытачам розных медыя, мяркуючы па каментарах.

Так аказалася, што быць квіром пад БЧБ — можна, але толькі пры ўмове, што твая квіровасць не будзе яўная. Так аказалася, што ў бел-чырвона-белы сцяг можна ўпісаць мноства сэнсаў: «Я за хрысціянскіх дэмакратаў», «Я супраць АЭС у Астраўцы», «Я з мікрараёна Усход», «Я — медык», «Я — пенсіянерка», але «Я — лесбіянка» туды не змяшчаецца. Як, напэўна, не змяшчаецца і шмат чаго яшчэ, пра што мы мусім даведацца пазней.

 

 

«Беларусь перадусім»

 

У польскай мастачкі Liliana Zeic ёсць праект «Self-portrait with borrowed man»: на фатаграфіі — аголеныя Ліліяна і мужчына: у позе лыжачак яны абдымаюцца на пасцельнай бялізне з польскімі гербамі і надпісам «Я паляк/полька, таму маю польскія абавязкі». Цікава, колькі бчб-сцягу трэба правісець над Домам урада, каб ён запазначаў нейкі «пакет абавязкаў» акрамя аплаты падаткаў? Якімі будуць гэтыя абавязкі? І як будуць караць за іх невыкананне?

Пашукаць прыблізныя адказы можна ў лозунгах пратэсту і словах, якія атрымліваюць больш вагі цяпер, калі вулічная актыўнасць на нулі, аднак вядзецца жвавая замежна-кабінетная праца над канцэптам «новая Беларусь». Тут мы адзначым не толькі бадзёрую класіку накшталт «Жыве Беларусь!», аднак і «Беларусь перадусім».

Лозунг, прыдуманы нацыянал-сацыялістам Альбінам Стаповічам і адліты Аб’яднаным пераходным кабінетам на новаўстаноўленым медалі «Гонар і Годнасць», нават выклікаў дыскусію наконт «правага павароту» беларускіх дэмакратычных сілаў. Маўляў, занадта нагадвае «Deutschland über alles» («Германія вышэй за ўсё») — радок, што спявалі ў гімне Германіі да 1945 года. Аднак нават па-за нямецкім кантэкстам фармулёўка выклікае пытанні. «Перадусім» — гэта ў які бок? Гэта паварот направа (кансерватыўны), налева (літаральна па карце — прэч ад Расіі) ці скачок на гербавым кані некуды ўверх (вышэй за правы чалавека безадносна яго «нацыянальнасці»)?

Вечна маладая Беларусь, якая не саспела ні ў 1919-м, ні ў 1991-м, літаральна апантаная калькаваннем і каламбурамі. У зону рызыкоўнага земляробства прыўносяцца сэнсы, якія дзесь ужо звінелі, быццам ёсць спадзяванка, што на дрыгвяной беларускай глебе сэнсы гэтыя прарастуць нечым іншым. Так з'яўляюцца худзі з надпісам «Make Belarus Zaebis Again» — які адсылае да трампісцкага (і расісцкага) «Make America Great Again». А потым гэты надпіс друкуецца вясёлкавымі літарамі на мерчы, прымеркаваным да «месяцу гонару» ЛГБТК+ — такі каштоўнасны вінегрэт яшчэ паспрабуй нашаткуй. Пра што кажа такі шопер? Што багет і крабавыя палачкі ў яго складае гей-нацыяналіст? Дарэчы, той жа брэнд друкуе на вопратцы знакаміты постэр «HOPE» Шэпарда Фэйры, але  «надзеяй» тут выступае не Барак Абама, а Зянон Пазняк — лідар кансерватыўных беларускіх сіл. Можа быць, тады лепей «NOPE»?

Нават калі сцерці дынералізатарам з памяці чалавецтва Гітлера і Трампа, лозунгі, што прадугледжваюць перавагу і веліч нейкай дзяржавы, не могуць прарастаць нічым іншым, як зневажаннем нечых/нейкіх правоў ды свабод. Якая Беларусь будзе «zaebis»? І «зноў» — гэта як калі? Калі, напрыклад, вызначальным часам здаецца паўстанне 1863 года, калі Кастусь Каліноўскі запусціў першую беларускамоўную газету «Mużyckaja prauda», то можна адкрыць у Вільні тэматычную карчму «1863», дзе аднадумцы насалодзяцца дранікамі і пітвом пад песні Лявона Вольскага. Але толькі пры ўмове, што ўсім аднадумцам будзе zaebis прасоўвацца па прыступках і лесвіцах, у адваротным выпадку гэтая Беларусь — ужо не для іх, бо яны тупа не дабяруцца ў вісі справіць патрэбу.

Не для ўсіх аказваюцца даступнымі мілітарныя гімны пратэсту і стылізаваныя інтэр'еры са сцягамі, кававыя варонкі трэцяй хвалі і веганскія браўні, выставы пратэстнага мастацтва і каворкінгі з фліп-чартамі. Нават там, куды імперыя не дацягваецца штыком, новыя іерархіі магчымасцяў утвараюцца самі па сабе. Але нічога дзіўнага, калі перадусім — дзяржава.

 

«Дзекаць і цекаць»

Мова — вось што яднае натуральна, без пашпартоў і дзяржаўных дэкрэтаў. Беларуская мова — супердэмакратычная па сваёй прыродзе. У распараджэнні носьбітаў ёсць два правапісы (клясічная «тарашкевіца» vs. асавечаная «наркамаўка») і цэлых тры альфабэты: кірыліца, лацінка, арабіца. Беларуская мова вельмі адкрытая для словатворчасці, у ёй жывуць фемінітывы. Аднак становішча беларускай мовы ў Беларусі па-ранейшаму незайздроснае. У 2019 годзе, каб дзяржава не закрывала спрэс беларускамоўныя школы і не так хутка мяняла «хуткасны рэжым» на «скоростной», актывісты падчас правядзення перапісу насельніцтва заклікалі суграмадзян пазначаць беларускую мову як родную, нават калі насамрэч ёй не карысталіся. У выніку 61,2% беларусаў назвалі беларускую мову роднай. Разам з тым 5 670 330 перапісаных пазначылі, што дома размаўляюць у асноўным па-руску, 2 275 243 сказалі, што на беларускай. Пры гэтым ніхто не ведае, колькі апытаных у абедзвюх групах насамрэч размаўляюць на так званай трасянцы — сумесі беларускай і расейскай моваў.

Трасянка — вельмі папулярная форма маўлення за межамі Менскай кальцавой аўтадарогі. Але прадузятае стаўленне да жыхароў сельскай мясцовасці, падсілкаванае бяссіллем і нянавісцю да чыноўнікаў, якія, будучы выхадцамі з розных рэгіёнаў краіны, нярэдка гавораць, як дома звыклі, і міксуюць мовы (хаця  многія з апарату гавораць чыста па-руску, хапае і тых, хто выдатна валодае беларускай, — такім быў, напрыклад, міністр замежных справаў Уладзімір Макей, такім застаецца былы міністр культуры, а цяпер лідар дэмсіл Павел Латушка).

У культурнай прасторы мы знойдзем дастаткова прыкладаў таго, як манеру маўлення людзей з вёскі транслююць выключна затым, каб гэтых людзей высмеяць. Атрымліваецца, што калі на трасянцы балакае чалавек блізкіх поглядаў ці любімая бабуля, то або гэтай асаблівасці саромеюцца, або ёю замілоўваюцца, а вось у выпадку канфлікту поглядаў — экстрапалююць на носьбіта трасянкі ўвесь каштоўнасны пакет чыноўніка або іншага прыхільніка ўлады. У апытанцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, на якой мове варта весці медыя пасля 2022 года, трасянка раптам з'явілася ў адным пункце з «толькі па-руску», то-бок дублетам з мовай, якую Крэмль-метраполія спрабуе прысвоіць, але якая ніколі не ўспрымалася ў Беларусі як мова, якая маркіруе чалавека «рускім/рускай».

Замест таго, каб адрозніваць шматлікія асаблівасці маўлення ў розных рэгіёнах краіны, песціць іх і ўпісваць рознакаляровымі пацеркамі ў вышыванку ідэнтычнасці, беларусам зноў падсоўваюць чорна-белы сусвет з двума крэсламі. Так, у двунакіраваным парыве атасабіцца ад Расеі і ад рэжыму Лукашэнкі здаецца топавым варыянт па ўзмаху чароўнай палачкі загаварыць усім на той мове, на якой не гаворыць ні Расея, ні рэжым. Але на гэтай мове пакуль не размаўляе і большая частка насельніцтва Беларусі. А цікава было б паслухаць, на якой размаўляе. І што менавіта кажа. Што кажа Вілейка? Бабруйск? Брагін? Плакаты тамтэйшых людзей у 2020-м былі не такімі каламбурыстымі, як у Менску, і не так прыгожа іх фатаграфавалі. Ну затое абеды ў СІЗА для ўсіх жудасныя прыкладна аднолькава.

Прыгадваецца кліп Алены Жалудок «Dzekats and Tsekats». Відэа парадуе афіцыйна ўхваленую беларускую эстраду, але што да ўласна мэсэджа «мы будзем дзекаць і цэкаць, мы будзем шчэкаць і чэкаць, гэкаць, гэкаць» — дык гэта цалкам адэкватная гісторыя. Няма нічога сорамнага ў тым, каб дзекаць і цекаць, калі гаворыш па-руску (роўна як і з акцэнтам карыстацца такой паважанай каланіяльнай ангельскай мовай).

Дзіўна, што ў імкненні імгненна супрацьставіць нешта рускаму какошніку беларусы горада апрапрыявалі вясковую вышыванку (яе ў 2020-м не прапаноўваў толькі самы лянівы брэнд і не друкаваў на вопратцы толькі самы няспрытны друкаваны цэнтр), але, надзеўшы яе, працягваюць высмейваць тых, хто можа насіць вышыванку па праве нараджэння. Высмейваць — але адначасова маніпуляваць: «наш народ да такога яшчэ не гатовы» — скажуць табе, калі гаворка зойдзе пра гей-шлюбы. А да чаго гатовы «народ»? Калі хаваць у шафах усіх, хто не падабаецца палітыкам-папулістам, то як «народ» убачыць, што гэтыя людзі ёсць? Як зменіцца жыццё лесбіянкі, якая выкладае геаграфію ў школе Чачэрскага раёна, калі пра акіяны яна будзе распавядаць па-беларуску, але ў яе па-ранейшаму будзе жабрацкі заробак, а вядучыя на новым БелТэлебачанні будуць абмяркоўваць тэмы, да якіх гатовы «народ»?

 

 

«Гей-парад ці “Дажынкі”?»

 

— такое пытанне задае гасцям вядучы ютуб-шоу «Жыццё-маліна». Мяркуецца, што госця ці госцю паставілі ў цяжкае становішча: трэба выбраць або івэнт у падтрымку ЛГБТК+, або свята, эстэтычна і ідэалагічна сканструяванае рэжымам. Гэтае пытанне дэманізуе і прайды, і святы ўраджаю. А з іншага боку — ілюструе нібыта галоўны выбар, што маюць беларусы на гістарычным раздарожжы. Выбар паміж заходнімі і савецкімі каштоўнасцямі. Гей-парад тут адыгрывае за Захад, «Дажынкі» — за «савок». Характэрна, што дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных адносінах Франак Вячорка выбірае гей-парад, а загадчык пытаннямі абароны і бяспекі ў пераходным кабінеце Валер Сахашчык — «Дажынкі».

А ці Б? Нібы варыянтаў усяго толькі два, і ў гэтых варыянтаў не можа быць іншай напоўненасці, чым ёсць цяпер. Гей-парад — такая галазадая тусоўка з пер'ем, «Дажынкі» — спаборніцтва на лепшы трактар з саломы. Або А, або Б, трэцяга не дадзена. Якая б імперыя каляхрысціянскага тыпу ні трашчала па швах, бінарнасць спрэс усяго навокал — быццам аксіёма, якая, падвергнутая сумневу, зрыне Зямлю з арбіты. Дабро і зло, чорнае і белае, рай і пекла, хрысціяне і варвары, «змагары» і «ябацькі».

Паказальна, што многія інтэрв'юяваныя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці выбіраюць «Дажынкі». Што заўгодна — толькі не «тусоўка з пер'ем». У 2020-м людзей з дручкамі называлі «лошками-петушками» (вось адзін з малюнкаў на гэтую тэму — у прыстойным часопісе), а стваральнікі кліпа панк-гурта «Дай Дарогу!» палічылі дасціпным адлюстэрыць надпіс «ОМОН» на ўніформе, каб атрымалася «HOMO». Нічога новага, такім жа прыёмам карыстаецца ўлада: але там грэбуюць тэмай ЛГБТК+ і аддаюць перавагу пеяратывам «наркаманы» ды «прастытуткі». Прынцып просты, як шабля: пазначыць непажаданага чалавека прадстаўніком «непажаданага» пласта насельніцтва. Маршавая крычалкі жніўня 2020-га «Наркаманы ёсць? Прастытуткі ёсць?» (часам дадавалі яшчэ «лесбіянкі») — гэта, відавочна, не спроба рэклеймінгу, а ўсяго толькі кпін з наратываў прапаганды. Рэальны плакат «Лепш дачка-прастытутка, чым сын амапавец» ілюструе трэнд. У «новай Беларусі» цалкам прымальным аказваецца ютуб-шоу, дзе вядомы мадэльер пагардліва абмяркоўвае з вядучымі знешні выгляд чыноўнікаў і чыноўніц ды называе «трансам» спартсменку, якая не выказалася супраць рэжыму.

«Мы не знали друг друга до этого лета» — пісалі на банэрах у 2020-м. А тым летам — «узнали»? Ці стала нам цікава пазнаёміцца з кімсьці, хто на нас не падобны? Захацелі мы працягнуць яму ці ёй руку? Спытаць, як справы? За якія каштоўнасці выйшлі на вуліцы яна ці ён?

 

«Калектыўны партрэт»

Пры канцы масавых пратэстаў мастак Глеб Бурнашаў і праграміст Алесь Аксон «скармілі» штучнаму інтэлекту каля 1800 фотаздымкаў з беларускіх маршаў. На здымках зафіксаваныя каля 8300 чалавек з адкрытымі тварамі, і задача машыны складалася ў тым, каб вывесці «сярэдняе арыфметычнае» — зборны вобраз беларускага пратэстоўцы. AI выдаў непрадузяты вынік, аднак многія беларусы адмовіліся прызнаваць гэты вобраз беларускім. У адным з інтэрв'ю Глеб казаў, што быў уражаны колькасцю сэксісцкіх і расісцкіх каментароў пад публікацыямі аб яго праекце. Людзі звярталі ўвагу на колер скуры, колер валасоў, колер вачэй, разрэз вачэй, спрачаліся з нагоды полу намаляванага штучным інтэлектам чалавека.


Цікава, што, калі на адным з дамоў у Менску з'явілася графіці «Дружбы Беларусі і Расеі», каментатараў хвалявала яго мэтазгоднасць і мастацкія каштоўнасці, але ніяк не ультраблонд і блакітныя вочы хлопчыка (прынамсі ён напэўна задумваўся як хлопчык), які сімвалізуе Беларусь.

Здаецца, у штучнага інтэлекту атрымалася стварыць нешта большае, чым задумвалі Бурнашаў з Аксонам. «Калектыўны партрэт» — гэта люстэрка, у якім можна разгледзець не толькі беларускага пратэстоўцу, але і ўсе адценні беларускай ксенафобіі. Можа быць, гэты неіснуючы чалавек палюбіўся б больш, калі б стаў прэзідэнтам Ізраіля, дзедам топавай галівудскай актрысы або вялікім мастаком. Але пакуль — не. Яго не жадаюць ведаць нават пасля «этого лета».

 

«Беларусы — коцікі»

У размове пра міграцыйны крызіс 2021-га на беларуска-польскай мяжы рэжысёрка Таня Свірэпа казала, што беларусы «не такія ўжо і коцікі», раз выплюхваюць агрэсію ў каментарах да рэпартажаў з мяжы, не саромеючыся ў выразах, хэйцяць бежанцаў з Ірака, Сірыі, Афганістану ды іншых «экзатычных» краін. «Не такія ўжо коцікі» — адсылка да абагульнення «беларусы-коцікі», якое ўстала ў шэраг з «прыгожымі людзьмі» і «беларус беларусу беларус».

«Коцікі» пастулявалі агульную «станоўчасць» пратэснай масы. Абагульненне падмацоўвалася фатаграфіямі добра напрасаваных і нафарбаваных жанчын з кветкамі, а таксама суграмадзян, якія скідалі кросы, каб стаць на лаўкі. Адсутнасць бітых вітрын і зламаных ног праціўніка былі ўспрынятыя як адлюстраванне беларускага «менталітэту», памяркоўнага і мірнага. Тэарэма была прынятая без доказаў (калі, вядома, не лічыць за доказы шматлікія артыкулы, ютуб-відэа і пасты інтэлектуалаў пра гэты загадкавы «беларускі менталітэт»).
 

Менталітэт — антынавуковае паняцце, што было вынайдзенае ў мэтах розных прапаганд. Але асяроддзе, у якім людзі растуць, сталеюць ды паміраюць, — гэта цалкам рэальныя абставіны. Беларусы не адно пакаленне існуюць у асяроддзі, дзе «правам на гвалт» аднаасобна распараджаецца дзяржава, гэтая ж дзяржава выдае грамадзянам сімвалічныя «талоны» на гвалт у сям'і (не прымаючы закон аб хатнім гвалце), каб утрымліваць агрэсію за дзвярыма кватэр. Што будзе, калі на вуліцах стане менш камер назірання? Што будзе, калі набыць стрэльбу праз даркнэт стане вельмі проста? Што будзе, калі ў сілавых структурах здарыцца раскол? Тэарэма «коцікаў» пакуль не даказаная.

У тым жа матэрыяле пра мігранцкі крызіс фатограф Максім Сарычаў параўноўвае размовы ў сацсетках з сітуацыяй, калі ён школьнікам уцякаў з хардкор-канцэрта ад нацыстаў: «яны хацелі мяне збіць, таму што ў мяне быў ланцуг на штанах (ім ён не спадабаўся) і я слухаў іншую музыку. Тое, як кажуць пра мігрантаў, нагадала мне тую нецярпімасць». Пік крызісу мінуў, але і цяпер мігранты спрабуюць перасекчы мяжу Беларусі з Еўрасаюзам, а недзяржаўныя медыя па-ранейшаму называюць іх «нелегаламі» або «нелегальнымі мігрантамі».

«Верым! Можам! Пераможам!» — крычаць цяпер на маршах ужо за межамі Беларусі. Але што такое «перамога»? Мы пераможам, калі па тэлевізары замест змагароў будуць хейціць ябацек? Мы пераможам, калі будзе менш кніжак пра Другую сусветную, а больш — пра польскіх каралёў? І па-беларуску будзем чытаць пыльных Фіцджэральдаў ды Хэмінгуэяў, бо яшчэ не «гатовыя» да актуальных тэм? Мы пераможам, калі над «Гомсельмашам» залунае бчб-сцяг, але адтуль усіх звольняць? Мы пераможам, калі жанчынам дазволяць працаваць у шахце, але без выходных? Мы пераможам, калі ў нас дазволяць аднаполыя шлюбы, але «самотным» людзям па-ранейшаму спатрэбяцца фіктыўныя цыдулькі з ЗАГСу, каб атрымаць плюшкі «парных» людзей?

Мастак Максім Восіпаў зрабіў калаж з двух здымкаў: Людміла Калантай са сцягам СССР ідзе насустрач Ніне Багінскай, якая трымае сцяг дэмакратычнай Беларусі. Яскравыя вобразы цалкам ілюструюць сабой два варыянты «перамогі», і зразумела, што час — на баку другога з іх. Але што за свята разгорнецца пад дзынь бліскусых келіхаў? Цалкам магчыма, выслізнушы з зашмаргі імперыі, беларусы зладзяць не гей-парад, не «Дажынкі», а белы-белы марш, на якім будзе месца толькі тым, чый сцяг віднейшы, голас гучнейшы, а банэр – такі, што ўхваляе большасць. Бо на ўнутраных імператараў Гаага ордэр не выдае. Іх даводзіцца вытручваць з сябе самастойна – зазіраючы ў люстэркі ўласных фобій ды прапампоўваючы мускул цікавасці да свету наўкол.
 

 

 

 

 

Артыкул выдадзены пры падтрымцы Unit.
<< Previous article

«Я оказалась в стране, где работа есть только у него, язык знает тоже он, а я даже не понимала польский»: женщины об эмиграции вслед за мужем

Next article >>

«Я забув про свою сексуальну орієнтацію, поховав це»: як живуть ЛГБТК+ люди на тимчасово окупованих територіях України

Subscribe to the newsletter!

Stay updated with the latest articles, news and stories.