Каляровыя пялёсткі

Давайце так: усё, што названае ў гэтым тэксце фантазіяй, няхай ёй і застаецца. Астатняе можна ўспрымаць як заўгодна.

*

Я пачаў пісаць вершы на першым курсе ўніверсітэта: невялічкія, рыфмаваныя, пра каханне. Да дзяўчыны. Мне было сямнаццаць, я толькі пачаў усведамляць і прымаць сябе і сваю сэксуальнасць, але ўжо некаторы час мяне вабілі і цікавілі толькі хлопцы. Я пісаў вершы пра неіснуючае каханне да дзяўчыны, трымаючы ў галаве вобраз хлопца: якога-небудзь чарнявага, з глыбокімі і выразнымі вачыма (ён ніколі б не называў мяне Артуша). 

Я вучыўся на філфаку – сярод бясконцых спісаў літаратуры да чытання і дзяўчат. Хаця на агульных “паточных” лекцыях былі і іншыя хлопыцы, дзякуючы якім эканоміка, напрыклад, укладалася ў маю галаву не тое каб лягчэй, але з прыемнасцю. 

Тут, падчас жывых лекцый, каханне паміх хлопцамі выглядала больш рэальным (вось яны, сядзяць праз некалькі шэрагаў ад мяне), чым ва ўсёй беларускай, украінскай, польскай і іншай літаратуры (прынамсі, у той, пра якую нам расказвалі; і як пра яе расказвалі). У тых кнігах мужчыны кахаліся толькі з жанчынамі. Тыя мужчыны, часам прывабныя, часам не вельмі, выбіраючы жанчын, як бы выбіралі не мяне. 

Наўрад ці тады я ўсведамляў, чаму ні ў адной з літаратур я не знаходзіў “схему” кахання, якую б змог прыкласці да сябе, нібы кальку. Рэальныя мужчыны (ладна, хлопцы) у 2007-2008 гадах былі такімі ж недасяжнымі, як тыя героі вялікай літаратуры. Наўрад ці тыя выдуманныя іншымі пісьменнікамі персанажы, шчыра кажучы, мне б спадабаліся. Але, але.

 

*

Я ствараў сабе мужчын у вершах. Мужчын, якія не выбіралі паміж мною і кімсьці іншым, не з’язджалі бясконца невядома куды, не ваявалі гэтак жа бясконца, не прызнаваліся ў каханні. Яны толькі палілі, саромеліся проста кранаць руку, гуляліся ў “маскуліннасць”, не адказвалі на паведамленні, не прыходзілі на спатканне пад “экран” на Савецкай плошчы. 

Трохі пазней канчаткі жаночага роду ў маіх вершах пачалі саступаць месца безасабовым часцінам мовы. Так, мяркую, я пачаў супраціўляцца і адваёўваць прастору для сваіх мужчын. 

Такія вершы ўжо можна было чытаць на розных універсітэцкіх імпрэзах, паэтычных слэмах і не падманваць, проста недагаворваць. Ствараць таямніцы, якіх так многа не толькі ў літаратуры мінулага, але і ў сучаснай беларускай літаратуры. 
 

*

І тут я думаю: а што, напрыклад, калі Багдановіч насамрэч пісаў вершы пра каханне не да жанчын? Што, калі “Алеся” Куляшова - гэта на самой справе Алесь?

(І калі ніхто пакуль пра гэта не думаў, то я б з радасцю зрабіў Багдановіча квір-іконай, як бы дзіўна і пафасна гэта ні гучала). 

*

Колькі недагаворанага, нераскрытага, непрачытанага ў беларускай літаратуры? Калі я думаю пра тое, каб паглыбіцца ў мінулае, паспрабаваць паглядзець на беларускую паэзію, найперш, праз квір-оптыку, па скуры адразу бягуць мурашы цікаўнасці і адначасова робяцца мокрымі далоні – ад страху. 

Што, калі ніякай квір-паэзіі да нас не было? Што, калі я няправільна чытаю вершы? Якое ўвогуле вызначэнне панятка “квір” прыкладаць да “той” літаратуры?

Ладна, вызначэнне “квіру” пакінем на потым, яно тут не так істотна (хаця, калі я зараз пішу гэты тэкст, то ўсё больш умацоўваюся ў думцы, што квір – гэта хутчэй пра літаратуру, створаную менавіта квір-людзьмі). Тым больш, калі мы пачалі ўжо фантазіраваць, то чаму б не працягнуць гэта рабіць?

 

*

Вясной 21-га года мой сябар Багдан Хмяльніцкі ладзіў квір-вела шпацыр па Менску: па месцах, звязаных з квір гісторыяй і кам’юніці. У канцы ў яго руках з’явілася невялічкая брашура Уладзіміра Валодзіна: “Квір-гісторыя Беларусі другой паловы XX стагоддзя: спроба набліжэння”. Дарэчы, слова “спроба” тут даволі трапнае, бо шматлікія рэчы нават пры дастаткова блізкім набліжэнні так і засталіся неразгледжанымі. Але мяне зацікавіла вось што: там вялася гаворкатаксама пра беларускіх квір-пісьменнікаў і пісьменніц. 

Фантазія? Магчыма. Бо як яшчэ патлумачыць, што сярод згаданых персаналій ёсць Наста Кудасава, якая настолькі далёкая ад квір ва ўсіх сэнсах гэтага слова, як тое, што Багдановіч прысвячаў свае вершы такому ж прыгажуну, якім быў ён сам. Хаця, безумоўна, і цыкл “Багіня”, і радок “а на Лесбасе сёння восень” цалкам упісваюцца ў лесбійскую паэзію. 
Куды больш цікавай з’яўляецца згадка Юрыя Гуменюка, гарадзенскага паэта, пра гомасэксуальнасць якога пачалі казаць чамусьці толькі пасля яго трагічнай смерці. Цытуецца верш “Ружавокі дракон”. У гэтым вершы ружавокі дракон супрацьстаўляецца кабеце. Невядома, хаваецца за ім нейкі іншы мужчына, ці сам лірычны герой:

”спі пакуль твой адбітак ссівелы
люстраное захоўвае цела”.

Згадваецца там і імя Святланы Алексіевіч – і яе пакуль яшчэ не выдадзеная кніга “Чудный олень вечной охоты” з гісторыямі кахання. 

Але калі казаць не пра фантазіі, а пра рэальнасць, то адзінае імя, з якім я цалкам пагаджуся, гэта імя Насты Манцэвіч. Кніга Насты “Птушкі” выйшла ў далёкім ужо 2012 годзе і была даволі цёпла прынятая. 

 

*

Мае мужчыны пачалі з’яўляцца перад чытачамі і чытачкамі толькі недзе ў 2017 годзе. Спачатку зусім нясмелыя, пасля яны рабіліся больш заўважнымі. Мае мужчыны глядзелі на свет праз літары беларускай мовы і вывучалі яго праз дотыкі рук. 

У кнізе “Вада пачынае жыць”, якую Дар’я Трайдэн у інтэрв’ю назвала першым паэтычным гей-зборнікам, квір ляжыць амаль навідавоку. Прынамсі, радок з верша “Таму” не мае ніякіх падвойных сэнсаў: “таму, што паэзія – гэта ён”. З гэтай прычыны хочацца згадаць прэмію “Дэбют”, якой кніга і была адзначаная. Як і годам раней, перамагла квір-літаратура (папярэдне “Дэбют” атрымала Дар’я Трайдэн за кнігу прозы “Крыштальная ноч”). Дарэчы, у шорт-лісце была таксама Крысціна Бандурына з кнігай “Homo”. Падаецца, спроба ўпісаць квір-літаратуру ў агульную плынь атрымалася даволі ўдалай. 

 

*

Аднойчы пасля паэтычнага фестываля нас з Крысцінай Бандурынай спыніў малады паэт: падзякаваў за вершы і, між іншым, зазначыў, што вось мы – адныя з тых, хто прасоўвае квір-літаратуру (паэзію). 

Ужо пасля я доўга думаў пра гэта, спрабаваў асэнсаваць нечаканае. Ці хацелася нам быць сярод першых і ці першыя мы на самой справе? Як рабіць квір-літаратуру, амаль не маючы ніякага апірышча ў мінулым (прынамсі, у паэзіі)? А самае галоўнае: як і дзе знайсці гэтае апірышча?

 

*

Неяк я размаўляў са шведскім музыкам і актывістам Янам Хамерлундам. Ен згадаў гісторыю выбітнай пісьменніцы Сэльмы Лагерлёф, пра гомасэксуальнасць якой, дзякуючы ліставанню, стала вядома праз пятнаццаць гадоў пасля яе смерці. Такая навіна стала сенсацыяй (што ў Швецыі цяжка ўявіць). Можна па-рознаму ставіцца да такога пасмяротнага аўтынгу, але, на думку Яна, у перспектыве такія з’явы вельмі важныя. Можна сказаць, гэта тое самае апірышча, якое мы, сучасныя квір-пісьменніцы і пісьменнікі, спрабуем знайсці ў беларускай літаратуры. 

Навошта яго шукаць? Як мінімум, каб не адчуваць сябе “першымі” і аднымі ў вялікай гетэранарматыўнай літаратуры. 

 

*

Некалі я быў моцна ўражаны кнігай Ігара Кона “Лики и маски однополой любви: лунный свет на заре”. Асабліва перыядам, калі жылі і даволі свабодна пачуваліся Міхаіл Кузмін і “Друзья Гафиза”, Сяргей Дзягелеў, Зінаіда Гіпіус, Марына Цвятаева і Соф’я Парнок. Жыццё і літаратура, якая ніяк не прыкладаецца да беларускай. 

І тут я б хацеў ненадоўга вярнуцца да Багдановіча, які друкаваўся ў яраслаўскай газеце “Голас” пад псеўданімам Екатерина Февралева. Даследчыкі пішуць, што дакладна невядома, чаму Багдановіч выбраў гэты псеўданім (і ўсе астатнія). Пры гэтым зазначаецца, што нейкая гісторыя ўсё ж за гэтым хаваецца. Таму дазвольце мне ў сваіх фантазіях, калі ўжо нічога іншага не застаецца, уяўляць зусім іншых Максіма і Магдалену. 

 

*

А што наконт Юлія Таўбіна? Пафантазіруем. 

Вось, напрыклад, Андрэй Хадановіч заўважае загадкавую адсутнасць сярод вершаў паэта тэкстаў пра каханне. Гэта можна патлумачыць як тым, што Таўбін быў настолькі “літаратурацэнтрычным”, што ўсё астатняе для яго не існавала, так і тым, што варыянт увогуле ніяк не пісаць пра каханне – адзіны з магчымых у тыя крыважэрныя часы. Ды і нават калі ты ў сваёй “паэтыцы” пачуваешся адзінокім, то якія ў цябе ўвогуле могуць быць прычыны дзяліцца сваім каханнем – хоць праз жаночыя канчаткі, хоць праз якія іншыя. 

Вось, напрыклад, верш “Блізкаму”. Паэт піша:

“За акном маім шуміць сталіца
Дружа мой! За даллю палявой
Многа вас, нязведанных таіцца –
Вось таму мне блізкі вобраз твой”.

Мяне чамусьці вось гэтае “таіцца” і “многа вас” у адной страфе з блізкім вобразам ніяк не адпускае. Можа таму, што ў мае сямнаццаць-васямнаццаць у мяне было адчуванне, што нас многа. Таму, што прыходзілася таіцца не толькі ў жыцці, але і ў вершах. 

 

*

Думаю, калі б мне сказалі падабраць некалькі слоў, каб апісаць не толькі беларускую квір-літаратуру, але квір-літаратуру наогул, сярод іншых я б выбраў слова “таіцца”. Для нашай квір-літаратуры, прынамсі, яно актуальнае і да сёння. Хаця б таму, што пакуль яшчэ ніхто не адкрыў у беларускай літаратуры кагосьці накшталт Сэльмы Лагерлёф. Непарушная зямля ляжыць і красуе кветкамі, якія час ад часу гойдаюцца ад ветру і асыпаюцца, робяцца ўгнаеннем. 

З іншага боку, мяне трохі супакойвае думка пра тое, што гадоў праз пяцьдзесят, я спадзяюся, не будзе ніякай патрэбы ў такіх адкрыццях. Бо квір-пісьменніцы і пісьменнікі ўжо зараз, пялёстак за пялёсткам, ствараюць тое апірышча для новых кветак. І яны, тут я ўжо не сумняюся, абавязкова закрасуюць. 

 

*

Маё эсэ мусіла скончыцца даволі пафасна, і не было ніякіх аб’ектыўных прычын, каб гэта не здарылася, але я амаль што выпадкова трапіў на выставу Аляксея Лунёва і Сяргея Шабохіна “Queer Tracing Paper” і проста не мог не падзяліцца сваімі адкрыццямі і назіраннямі. 

Янка Купала - гэта жонка Якуба Коласа? З гэтага пытання пачалася выстава мастакоў, якія спрабуюць разабрацца з беларускай квір-гісторыяй, беларускім квір-архівам і даволі дзёрзка гуляюць з гетэранарматыўнасцю. Ужо ў самой анатацыі да выставы мы чытаем, што Янка Купала і Якуб Колас - “абодва паэты, абодва (імаверна) гетэранарматыўныя, найбольш верагодна не пара, але думка пра тое, што гэта будзе праца, пабудаваная на абдрукоўцы імёнаў беларускіх класікаў, закралася ў думкі”. 

З аднаго боку гэтая выстава - спроба паказаць, як многа зроблена ў беларускай квір прасторы, хаця часам здаецца, што да нас нічога і нікога не было (таму яшчэ да сёння сустракаюцца ініцыятывы, якія не грэбуюць называцца “першымі”). З іншага боку - гэта і ўсведамленне таго, як мала мы ведаем пра тое, што было да нас. Калі мы вымушаныя фантазіраваць і дадумваць, рэканструяваць гісторыю з дробных здагадак і дапушчэнняў. 

Адзін з важных элементаў выставы - калька, якую мастакі прыкладаюць спачатку да сусветнай квір-гісторыі, а пасля - да беларускай, спрабуючы разгледзець падабенствы і адрозненні, пазначыць прагалы і пусткі. 

Цалкам уяўная квір-гісторыя сутыкаецца з рэальнай квір-гісторыяй - і ў выніку бачныя белыя плямы, што засталіся пасля дзесяцігоддзяў каланіяльнага і таталітарнага сцірання і замоўчвання, затоенасці. 

Але ж нам застаецца ствараць не толькі ўяўны квір-архіў. Напрыклад, Наста Манцэвіч ужо даўно займаецца гэтым пытаннем (мне пашчасціла аднойчы валанцёрыць на адным мерапрыемстве, і ўжо тады я ўбачыў, наколькі вялікі гэты рэальны архіў беларускай квір-гісторыі). 

А што з літаратурай? Прынамсі, першая спроба архівацыі ўжо хутка пабачыць свет – гаворка вядзецца пра анталогію сучаснай беларускай гей-літаратуры “Мальцы выходзяць з-пад кантролю”, якая выйдзе ў выдавецтве Skaryna пад рэдакцыяй Уладзіслава Гарбацкага. 

 

*

Я ўяўляю: прыгожая “Беларусь будучыні”, студэнты і студэнткі першага курса філфака (а можа і не толькі) атрымліваюць спісы літаратуры, дзе, сярод іншага, - квір-літаратура. Восеньскае сонца бессаромна лезе ў вялікія вокны аўдыторыі. Хтосьці піша бессаромныя вершы пра каханне. І нікога не цікавіць, чаму хлопец прызнаецца ў каханні хлопцу, а дзяўчына - цалуе дзяўчыну. 

Я ўяўляю: фантазія сутыкаецца з рэальнасцю і перамагае. 


 

Падкаст-дыялог Артура Камароўскага і Крысціны Бандурынай · Квір Літаратура

 

 

 

Матэрыял выдадзены пры падтрымцы Unit.
<< Previous article

Проблема гомофобии в Молдове и российский колониализм

Next article >>

«Знайди власну точку напруги й точку насолоди. Довіряй обом»

Subscribe to the newsletter!

Stay updated with the latest articles, news and stories.